Информационный ресурс о возвращенных, переселенных и утраченных культурных ценностях белорусского происхождения
У 2020 годзе адзначалася памятная дата – 150 гадоў з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца (1870–1936). Выбітны пейзажыст, графік, тэатральны дэкаратар і педагог, Рушчыц пакінуў глыбокі след у мастацтве і культурна-грамадскім жыцці былой Рэчы Паспалітай. Фердынанд Рушчыц – яркі прадстаўнік сімвалізму ў мастацтве, які злучыў традыцыі нацыянальнага жывапісу і заходнееўрапейскіх тэндэнцый, ключавая фігура мастацкага жыцця Віленшчыны ў міжваенны перыяд. Ён стаў важнай персонай для культуры сучасных Беларусі, Літвы і Польшчы. Палотны мастака захоўваюцца ў музеях вышэйпералічаных краін, а таксама еўрапейскіх і амерыканскіх музейных і прыватных зборах.

Выставу дапоўняюць творы сучасных мастакоў, удзельнікаў пленэраў, прысвечаных майстру, а таксама найцікавы архіў фатаграфій вёскі Багданава, дзе знаходзіўся маёнтак Рушчыцаў, выкананых падчас Першай сусветнай вайны (з калекцыі Уладзіміра Багданава).
Да нядаўняга часу ў зборы музея захоўвалася толькі адна праца Фердынанда Рушчыца “Ля касцёла” 1899 года, набытая ў 1957 годзе ў ленінградскага калекцыянера А. І. Шустэра. У лістападзе 2019 г. пры фінансавай падтрымцы ганаровага консула Беларусі ў Лазане Андрэя Нажэскіна былі набыты ў калекцыі ўнука мастака Фердынанда Рушчыца і перададзены ў дар яшчэ тры жывапісныя работы, што адносяцца да ранняга перыяду творчасці майстра.
На сайце мастацкага музея можна наведаць і віртуальную выставу, прысвечаную Ф. Рушчыцу, і азнаёміцца з электроннымі версіямі некаторых экспанатаў рэальнай часовай экспазіцыі.
Па матэрыялах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь


