Культурна-асветніцкія праекты Белгазпрамбанка
15 студзеня новага 2023 года завяршылі сваю работу два выставачныя праекты, дзе былі прадстаўлены культурныя каштоўнасці з карпаратыўнай калекцыі ААТ "Белгазпрамбанк", якія маюць беларускае паходжанне: былі створаны ў Беларусі ў розныя гістарычныя перыяды і знаходзіліся за межамі краіны, а зараз зноў рознымі шляхамі были вернуты на тэрыторыю краіны, або маюць дачыненне да гісторыі і культуры Беларусі.
Так, з 11 лістапада ў галерэі "Арт-Беларусь" працавала выстава "Шляхамі Скарыны", прысвечаная 500-годдзю выдання Францыскам Скарынам "Малой падарожнай кніжкі" (Вільня, 1522г.). На выставе экспанаваўся арыгінальны асобнік з калекцыі Белгазпрамбанка, які быў набыты ў 2016 годзе. З больш падрабязным апісаннем азначанага выдання можна азнаёміцца на сайце галерэі “Арт-Беларусь”.

Акрамя арыгінальнага экзэмпляра “Малой падарожнай кніжкі” з банкаўскага збору дэманстраваліся факсімільныя выданні, створаныя ў 2012–2017 гг. пры актыўным удзеле Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама былі прадстаўлены 38 ілюстрацый з гравюр іншых выданняў Ф. Скарыны, падрыхтаваныя да друку Канстанцінам Вашчанкам і Аляксандрам Зінкевічам, што дазволіла гледачам атрымаць больш шырокае ўяўленне пра творчасць першадрукара.

У 2022 годзе актыўна дзейнічалі культурна-асветніцкія выставачныя праекты, у якіх экспанаваліся мастацкія здабыткі калекцыі Белгазпрамбанка. Выстава “Партрэт часу. Партрэт у выяўленчым мастацтве Беларусі XIX - XXI стагоддзяў” спачатку была прадстаўлена ў галерэі “Арт-Беларусь” у Мінску ў красавіку 2022 г., затым пачала сваю вандроўку па гарадах Беларусі. З 9 лістапада і па 15 студзеня 2023 г.дэманстравалася ў Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча .

Экспазіцыя ўключала 30 твораў жывапісу, скульптуры і графікі, сярод аўтараў якіх выдатныя мастакі, дзеячы беларускага і сусветнага мастацтва Хаім Суцін, Казімір Альхімовіч, Лявон Індэнбаум, Міхаіл Кікоін, Осіп Любіч, Абрам Маневіч, Рувім Фрумак, Лявон Бакст. Гледачы Віцебска мелі магчымасць пазнаёміцца з арыгінальнымі мастацкімі творамі, якія пэўны час таму знаходзіліся за межамі Беларусі, а зараз фізічна сталі часткай культурнага асяроддзя краіны.


У артыкуле выкарыстаны матэрыялы галерэі "Арт-Беларусь"


