Марк Шагал: жывапіс & графіка
У Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча 17 лістапада пачала працаваць выстава арыгінальных твораў аднаго з самых вядомых прадстаўнікоў авангарднага мастацтва мінулага стагоддзя М.Шагала, які, дарэчы, у 1919 годзе як упаўнаважаны камісара па справах мастацтва Віцебскай губерні ўдзельнічаў у адкрыцці гэтага мастацкага вучылішча, а затым некалькі гадоў кіраваў ім.
На выставе экспануюцца 28 твораў Марка Шагала, сярод якіх 4 жывапісныя і 24 графічныя работы. Дастаткова невялікая колькасць твораў ахоплівае практычна ўсе перыяды творчасці мастака. Прадстаўлены на выставе жывапіс Шагала паходзіць з калекцыі Белгазпрамбанка, якая налічвае шэсць твораў майстра розных перыядаў творчасці. Яны былі набыты ў 2011-2013 гады ў асноўным на аўкцыёнах, экспануюцца ў галерэі “Арт-Беларусь”. Чатыром карцінам нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.


Для арганізацыі выставы “Марк Шагал: жывапіс & графіка” былі прыкладзены шматлікія намаганні. “Нам спатрэбілася каля года для рэалізацыі сённяшняй экспазіцыі. Праект доўгачаканы. Мы прайшлі велізарны шлях, сабралі асабістую калекцыю, запрасілі прыватных калекцыянераў,” - адзначыў куратар карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка Аляксандр Зінкевіч.


Выставу можна наведаць да 19 снежня.
_Фота і матэрыялы установы «Редакция областной газеты «Витебские вести», галерэі «АРТ-БЕЛАРУСЬ», газеты «Витьбичи»._


