Информационный ресурс о возвращенных, переселенных и утраченных культурных ценностях белорусского происхождения
Міжнародная навуковая канферэнцыя адбудзецца 10 лістапада 2020 г. у Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж»
Культурна-гістарычная спадчына Беларусі — гэта шматгранны феномен, які ствараўся напрацягу стагоддзяў. Адметным густам і выкшталцонасцю адрозніваліся зборы арыстакратыі. Культурная прастора, якая існавала ў рэзідэнцыях магнатаў на тэрыторыі Беларусі спрыяла з’яўленню твораў высокага мастацкага ўзроўня. У беларускіх палацах і замках можна было сустрэць карціны Рэмбрандта, Рубенса, даспехі Кунца Лохнера, мэйсенскі парцэлянавы посуд і антычныя манеты і шмат іншага, што выконвала рэпрэзентатыўныя функцыі, здзіўляла і ўражвала гасцей магната.
Ад большай часткі палацаў і замкаў, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі застаўся толькі напамін пра мінулае ў выглядзе пагоркаў з бачнымі дзе-нідзе кавалкамі цэглы і каменямі. Віхурлівыя падзеі і ваенныя канфлікты знішчылі гэтыя калекцыі як унікальныя зборы і раскідалі асобныя артэфакты з іх па свеце.

Падчас працы канферэнцыі будуць ахарактарызаваны розныя этапы развіцця калекцыянавання і сучасны падыход да стварэння і адраджэння калекцый у былых палацах і замках арыстакратыі, у тым ліку з дапамогай выкарыстання лічбавых тэхналогій.
Дыгіталізацыя прадметаў мастацтва з некалі каласальных мастацкіх калекцый мэблі, гадзіннікаў, посуду, зброі і інш. паскарае працэсы навуковай атрыбуцыі гэтых культурных каштоўнасцяў, што неабходна для рэваларызацыі былых магнацкіх рэзідэнцый і напаўнення іх духам гісторыі.
Асноўныя накірункі работы канферэнцыі:
• магнацкія скарбніцы — генэзіс і эвалюцыя;
• збраёўня: традыцыя калекцыянавання мілітарыі;
• кнігазборы і зборы рукапісаў у магнацкіх бібліятэках і архівах;
• рэлігійныя ахвяраванні магнатаў у касцёлах, цэрквах і зборах Беларусі;
• жывапіс ў палацах і замках: ад сармацкіх партрэтных галерэй да спробаў музеефікацыі;
• кухонныя і гаспадарчыя рэчы (посуд, мэбля) ў палацах і замках арыстакратаў;
• мюнц-кабінеты ў рэзідэнцыях магнатаў;
• эвакуацыя магнацкіх калекцый падчас ваенных канфліктаў;
• беларускі антыкварыят на арт-рынках свету;
• дыгіталізацыя і ўвядзенне ў навуковы зварот гісторыка-культурнай спадчыны прадметаў з магнацкіх калекцый, вывезеных з тэрыторыі Беларусі;
• выкарыстанне прадметаў з магнацкіх рэзідэнцый у інтэрактыўнай працы з музейнай аўдыторыяй.
Да удзелу ў рабоце канферэнцыі запрашаюцца гісторыкі, мастацтвазнаўцы, арт-дылеры і супрацоўнікі аўкцыённых дамоў, музейныя і бібліятэчныя работнікі.
З дадатковай інфармацыяй і ўмовамі ўдзелу ў канферэнцыі можна азнаёміцца на сайце Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж».
Прапануюцца інфармацыйныя матэрыялы на ангельскай, польскай і рускай мовах.


