Информационный ресурс о возвращенных, перемещенных и утраченных культурных ценностях белорусского происхождения.

Шляхі вяртання беларускай спадчыны з-за межаў краіны

17.01.2019

У наш час значная частка рукапіснай і друкаванай кніжнай спадчыны Беларусі знаходзіцца за межамі краіны. Гэта тычыцца ў тым ліку выданняў беларускага першадрукара Францыска Скарыны, чые кнігі сёння знаходзяцца, пераважна, у замежных зборах. У сітуацыі немагчымасці фізічнага вяртання самых каштоўных кніжных помнікаў на радзіму актуальным з’яўляецца ажыццяўленне іх выяўлення, даследавання, бібліяграфічнай і віртуальнай рэканструкцыі. Галоўная мэта гэтых міжнародных праектаў – паказаць ролю і значэнне нашай краіны ў стварэнні і прымнажэнні сусветнай культурнай спадчыны, гістарычнае значэнне асветніцкай дзейнасці беларускіх дзеячоў для развіцця еўрапейскай кніжнай культуры. Такім чынам, Нацыянальная бібліятэка Беларусі (далей НББ) праз гістарычны і сучасны кантэкст сусветнай палітычнай і гуманітарнай парадыгмы робіць свой уклад ва ўмацаванне значнасці суверэннай беларускай дзяржавы. Выдатным прыкладам з’явілася ў 2017 г. святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, якое мела шырокі грамадска-палітычны рэзананс, у тым ліку і за межамі нашай краіны.

Даследаванне кніг Ф. Скарыны з’яўляецца надзвычай важным накірункам у вывучэнні духоўнай і культурнай спадчыны беларускага грамадства. На сённяшні дзень друкаваныя асобнікі кніг Францыска Скарына захоўваюцца ў бібліятэках, музеях, прыватных кнігазборах Беларусі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, Літвы, Польшчы, Славеніі, Расіі, Украіны, Чэхіі. Выяўлена прыкладна 520 адзінак кніг Ф. Скарыны ў свеце (IV кнігі Царстваў лічыліся як 4 кнігі, Малая падарожная кніжка як 21 кніга). У Расіі захоўваецца 348 кніг Ф. Скарыны, Украіне 47, Польшчы 34(35?), Славеніі 20, Даніі 18, Германіі 11, Вялікабрытаніі 10, Беларусі 28, Літве 2, Чэхіі 2. Створаная НББ бібліяграфічная інфармацыя ў электронным каталозе (далей ЭК) дазволіла даследчыкам выяўляць варыянты выданняў і ўявіць «ідэальны» асобнік кожнай кнігі, бо поўных асобнікаў Ф. Скарыны не захавалася ў бібліятэках і музеях свету. У ЭК НББ налічваецца каля 312 электронных копій з друкаваных кніг, 4 копіі з рукапісных кніг Ф.Скарыны, атрыманыя з Вялікабрытаніі, Германіі, Польшчы, Расіі і Украіны. Дзякуючы ўзаемадзеянню са сваімі замежнымі партнёрамі таксама працягваецца праца па атрыманні лічбавых копій іншых беларускіх выданняў з замежных збораў.

Рэальнае вяртанне беларускай кніжнай спадчыны магчыма ў вельмі абмежаваным маштабе. У гэтай сітуацыі неабходна ажыццяўленне альтэрнатыўных мерапрыемстваў па вяртанні культурных каштоўнасцей у навуковы і грамадскі ўжытак. Адным са шляхоў з’яўляецца арганізацыя выставачных праектаў. У 2017 г. да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання быў рэалізаваны ўнікальны міжнародны выставачны праект «Францыск Скарына і яго эпоха», які паказаў, як кніга змяніла еўрапейскую прастору і як дзякуючы ёй развівалася еўрапейская культура. Арыгіналы і факсіміле першадрукаваных кніг ХV–XVII стст. былі прывезены з Германіі, Латвіі, Польшчы, Расіі, Румыніі, Славакіі і Славеніі, у тым ліку ўпершыню – 61 кніга Ф. Скарыны з чатырох краін свету, з Латвіі – адзін з лепшых экзэмпляраў Статута ВКЛ (1588), які захаваўся.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі рэалізавала шэраг міжнародных навуковых выдавецкіх праектаў па факсімільным узнаўленні кніжнай спадчыны, галоўныя мэтэ якіх – паказаць ролю і значэнне нашай краіны ў стварэнні і прымнажэнні сусветнай культурнай спадчыны, а таксама паказаць гістарычнае значэнне асветніцкай дзейнасці беларускіх дзеячоў у развіцці еўрапейскай культуры.

У наш час значная частка рукапіснай і друкаванай кніжнай спадчыны Беларусі знаходзіцца за межамі краіны. Гэта тычыцца ў тым ліку выданняў беларускага першадрукара Францыска Скарыны, чые кнігі сёння знаходзяцца, пераважна, у замежных зборах. Шляхам рэалізацыі выдавецкага праекта Нацыянальная бібліятэка Беларусі здолела падрыхтаваць факсімільнае выданне «Кніжная спадчына Францыска Скарыны» (2013-2017), якое ўключае 21 том і прызначана для бясплатнай перадачы ва ўстановы культуры, навукі і адукацыі ўсіх рэгіёнаў Беларусі і большасці краін свету. Яно прадстаўляе каштоўны пласт культурнай спадчыны нашага народа, знаёміць грамадскасць з адным з найбольш значных скарбаў кніжнай культуры Беларусі і з’яўляецца базавай крыніцай для навуковых даследаванняў. Факсімільнае выданне ўнікальна сваім ідэйным, навуковым і мастацкім выкананнем. У яго рамках упершыню сабраны поўны рэпертуар кніг, якія былі надрукаваны Францыскам Скарынам. У аснову былі пакладзены электронныя копіі найлепш захаваных кніг Ф. Скарыны, якія захоўваюцца ў бібліятэках і музеях Беларусі, Германіі, Расіі, Украіны і іншых краін. Факсіміле стала значнай падзеяй у нацыянальным кнігавыданні і з’яўляецца пераможцам прэстыжнага нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі – 2017». Выдавецкі праект рэалізаваны дзякуючы дзяржаўна-прыватнаму партнёрству Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Банка БелВЭБ.

2018 год стаў не толькі годам малой радзімы, але і годам першага ў свеце «Буквара», якому споўнілася 400 гадоў і які мае беларускія карані. Да гэтай юбілейнай даты падрыхтавана факсімільнае выданне «Буквара». Кніга была выдадзена летам 1618 г. у друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў Еўі (цяпер горад Віевіс у Літве). Гэта было адно з самых старажытных беларускіх выдавецтваў у Вялікім Княстве Літоўскім, якое выпускала кнігі на царкоўнаславянскай, старабеларускай і польскай мовах. Усяго ў свеце захаваліся толькі два асобнікі “Буквара” 1618 г. (у Бібліятэцы Мідл Тэмпл у Вялікабрытаніі і ў Каралеўскай бібліятэцы Даніі). На радзіме ні аднаго асобніка не захавалася: іх проста «зачыталі да дзірак», як часта бывае з вучэбнымі выданнямі. Такім чынам першы ў свеце «Буквар» прыдумалі нашы продкі. Назва «Буквар» увайшла ў сучасныя беларускую, рускую, украінскую, балгарскую, баснійскую і іншыя мовы. Факсімільнае выданне «Буквара» – сумесны праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Бібліятэкі Ганаровага таварыства Мідл Тэмпл. Партнёры праекта: Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Пасольства Рэспублікі Беларусь у Аб’яднаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі «Белінвестбанк», Міжнародная асацыяцыя беларусістаў.

Значнай перспектывай на бліжэйшыя гады ў дадзеным кірунку з’яўляецца развіццё зводнага электроннага рэсурсу нацыянальнай бібліяграфіі. Ён закліканы забяспечыць функцыянаванне ўніверсальнай бібліяграфічнай інфармацыі пра ўвесь відавы рэпертуар нацыянальных дакументаў Беларусі, што захоўваюцца ў розных установах краіны і за яе межамі; кансалідаваць інфармацыйныя ўстановы краіны па ўзнаўленні рэпертуару нацыянальных дакументаў; кантраляваць размеркаваны ўлік усіх відаў нацыянальных дакументаў; забяспечыць магчымасць інфармацыйнага ўзаемадзеяння і арганізацыі электроннага абмену данымі; прапагандаваць дакументаваную спадчыну Беларусі на міжнародным узроўні.

Вялікае значэнне мае таксама справа пошуку і, пры магчымасці, вяртання кніжнай спадчыны ў дзяржаўныя бібліятэчныя зборы нашай краіны. Праца ў гэтым напрамку вядзецца ўжо даволі даўно. У межах гэтай дзейнасці НББ у 2017-2018 гг. быў набыты шэраг рэдкіх і каштоўных кніг

У рамках рэтраспектыўнага камплектавання з пачатку 2017 г. і па цяперашні час фонды і калекцыі бібліятэкі папоўніліся больш чым на 1 500 адз. нацыянальных дакументаў (кнігі, перыёдыка, выяўленчыя матэрыялы, карты і інш.).

Паводле матэрыялаў

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Фота са старонкі https://www.belta.by/culture/view/faksimilnoe-izdanie-pervogo-bukvarja-prezentujut-28-avgusta-v-natsionalnoj-biblioteke-315422-2018/

Поделиться в
Вернуться к списку новостей