21.02.2023

На тэрыторыю Беларусі з Германіі ў пачатку 2023 года былі вернуты два асобніка са збораў бібліятэкі Храптовічаў. Перадача каштоўных артэфактоў адбылася пры садзейнічанні дыпламатычнага прадстаўніцтва Беларусі на тэрыторыі Германіі.

Бібліятэка Храптовічаў існавала з другой паловы XVIII ст. да пачатку ХХ ст. у маёнтку Шчорсы (цяпер – Навагрудскі раён). Яе заснавальнік – канцлер Іахім Літавор Храптовіч. Кнігазбор лічыўся адным з найбагацейшых ва Усходняй Еўропе ўжо ў XVIII ст. Бібліятэка ўключала творы антычных аўтараў, французскай і італьянскай класічнай літаратуры, працы па гісторыі розных краін, рукапісы.

Два асобніка выдадзены на французскай мове. Яны прысвечаны падзеям, звязаным з такімі вядомымі гістарычнымі асобамі, як першы імператар Расійскай імперыі Пётр І і англійскі палкаводзец і палітычны дзеяч Джон Чэрчыль, герцаг Мальбара, і маюць пазнакі былых уладальнікаў – пячаткі і экслібрыс Храптовічаў. Асобнікі папоўняць фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

**З 15 лютага па 28 лютага** каштоўныя выданні экспануюцца ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі .

Раней у лютым 2020 года асабістае ліставанне прадстаўнікоў сям'і Храптовічаў і тры кнігі са збораў знакамітай бібліятэкі ў Шчорсах былі перададзены ў Беларусь. Зараз захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Больш інфармацыі на сайце Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і інтэрнэт-партале “Вяртанне”.

_Паводле матэрыялаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і інтэрэт-партала "Вяртанне" _

Поделиться в