Информационный ресурс о возвращенных, переселенных и утраченных культурных ценностях белорусского происхождения
Згодна звестак прадстаўленых Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь за 2023 год, на тэрыторыю краіны было вернута 318 арыгінальных культурных каштоўнасцей, датычных да гісторыі і культуры Беларусі.
2023 год – год сапраўдных падарункаў для культурнай прасторы Беларусі. У дар і праз набыцце ў фонды ўстаноў паступілі каштоўныя выданні, архіўныя дакументы.
Так, Нацыянальная бібліятэка Беларусі атрымала 2 выданні канца ХVIII – пачатку XIX ст. на французскай мове з бібліятэкі Храптовічаў, прысвечаныя падзеям, звязаным з вядомымі гістарычнымі асобамі - імператар Расійскай імперыі Пётр І, англійскі палкаводзец і палітычны дзеяч Джон Чэрчыль, герцаг Мальбара. Перадача каштоўных артэфактоў адбылася пры садзейнічанні дыпламатычнага прадстаўніцтва Беларусі на тэрыторыі Германіі.

Музей Марка Шагала ў Віцебску атрымаў кнігі з асабістай бібліятэкі вядомага мастака. Каштоўны падарунак у колькасці 66 асобнікаў з дому ў Сен-Поль-дэ-Ванс (Францыя), дзе вядомы мастак жыў апошнія гады свайго жыцця, зрабілі ўнучкі Марка Шагала мастака Мерэт і Бэла Мэер.

59 выданняў з бібліятэка протаіерэя Іаана Гашкевіча перададзена ў дар Іаана-Кармянскаму манастыру ў аг. Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ад жыхаркі г. Пяцярбург (Расійская Федэрацыя). Больш инфармацыі пра бібліятэку беларускага святара можна даведацца на інтэрнэт-партале “Вяртанне”.

Актыўна працуе па атрыманню арыгіналаў і іх копій Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ). На працягу года ва ўстанову было перададзена
• 45 дакументаў А.І. и І.І. Луцкевічаў з фондаў беларускай грамадскай арганізацыі “Фундацыя Крачэўскага ў Нью-Ёрку” за 1907–1915, 1938 гг. (ЗША));
• 120 дакументаў грамадскай дзеячкі Юльяны Вітан-Дубейкаўскай з Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку за 1915–1994 гг. (ЗША));
• 20 дакументаў музыказнаўцаў І.Г. і С.Г. Нісневічаў. Выяўлены ў асабістым архіве Л.У.Госцевай (унучкі) (Яраслаўль) і перададзены ў БДАМЛМ.

За 2023 год было атрымана і каля 40 электронных копій арыгінальных артэфактаў, якія датычацца культуры і гісторыі Беларусі. Нават для атрымання копій арыгіналаў праводзіцца неверагодна вялікая падрыхтоўчая праца, якая доўжыцца часам не адзін год.
У 2023 годзе Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь атрымаў 17 лічбавых копій фотаздымкаў з выявамі гарадоў Беларусі атрыманы з музейна-выставачнага цэнтра “Росфото” (Расійская Федэрацыя), Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы атрымаў 2 адзінкі: якасных копій фотапартрэтаў Уладзіміра Самойлы 1904 і 1912 гг., якія захоўваюцца ў Цэнтральным дзяржаўны гістарычным архіве ў Санкт-Пецярбурзе.
Спецыялістамі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея быў выяўлены план г. Віцебска 1904 г. у фондах Новакузнецкага краязнаўчага музея (Кемераўская вобл., РФ), і пасля праведзеных перамоў была набыта яго лічбавая копія.

У межах культурнага праекта «Даследаванне і факсімільнае выданне помніка беларускага пісьменства Жухавіцкага Евангелля XVI ст.» на падставе раней атрыманых копій музеей “Замкавы комплекс “Мір” у 2023 годзе выдаў факсіміле Жухавіцкага Евангелля XVI ст. з фондаў Бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук, а таксама пабачыла свет навуковае выданне, прысвечанае вывучэнню мовы і мастацкага аздаблення помніка беларускага пісьменства XVI ст.

_Паводле звестак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, матэрыялаў пасяджэння Камісіі па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, 11 студзеня 2024 г., а таксама матэрыялаў інтэрнэт-партала "Вяртанне"_


