Информационный ресурс о возвращенных, перемещенных и утраченных культурных ценностях белорусского происхождения.

Вяртанне спадчыны роду Радзівілаў

24.01.2019

Дзейнасць па выяўленню, вяртанню, сумеснаму выкарыстанню і ўводу ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь – адзін з напрамкаў работы музеяў нашай краіны.

Вяртанне беларускай спадчыны ў сучасных умовах дастаткова абмежавана. У гэтай сітуацыі часта выкарыстоўваюць альтэрнатыўныя падыходы. Маецца на ўвазе так званая «мяккая» рэстытуцыя, да якой можна аднесці атрыманне высокаякасных лічбавых копій пэўных каштоўнасцей, а таксама «часовае вяртанне» каштоўнасцей – экспанаванне рарытэтаў у краіне паходжання. Музейны патэнцыял цалкам падыходзіць для рэалізацыі такіх праектаў. У гэтым накірунку сістэмна і планамерна дзейнічае Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж».

У выніку папярэдніх перамоў і праведзенай навуковай працы ў 2017 г. стала магчымым выданне кнігі-альбома «Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль. Збор зброі і даспехаў», якая змяшчае падрабязную інфармацыю аб лёсе калекцыі зброі і даспехаў роду і сучасным месцазнаходжанні яе асобных элементаў у зборах музеяў Аўстрыі, Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі і Злучаных Штатаў Амерыкі. Як далейшы працяг гэтай тэмы з верасня 2018 г. пачаў працаваць трохгадовы выставачны праект, прысвечаны згаданай калекцыі роду Радзівілаў. У межах гэтага праекта экспануюцца арыгінальныя прадметы з калекцыі музеяў Беларусі і мезея Фіцуільяма (г. Кембрыдж, Вялікабрытанія), якія былі прададзены ў 20-х гг. XX ст. за мяжу прадстаўнікамі роду.

Навукова-даследчыцкая праца супрацоўнікаў музея-запаведніка з дакументальнай спадчынай, якая захоўваецца ў архівах Беларусі, Польшчы, Расіі і мае звесткі пра гісторыю садова-паркавага мастацтва былых уладанняў роду Радзівілаў, мела вынік у выглядзе выдання «Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль. Сады і паркі».

Па матэрыялах Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Фота са старонкі https://niasvizh.by/nauka-i-publikatsii/izdaniya/

Поделиться в
Вернуться к списку новостей